Каляндар

апытанне

У чым прычына кепскіх вынікаў ЦТ?

складаныя тэсты
абітурыенты-гультаі
а хто сказаў, што яны кепскія?
вынікі справядлівыя
вінаватыя настаўнікі
вынікі сфальсіфікаваныя!

Нашыя ўзнагароды

дыплом дыплом






Версія для друку Даслаць сябру Kаментары (0) Увеличить шрифт Уменьшить шрифт  Памер шрыфта

Культурыстыка

Фантазіўм доктара Гільяма

Казачнікі Бёртана – такія як герой «Вялікай рыбіны» Эд Блум – паміраюць, а казачнікі Гільяма – хоць і несмяротныя, незваротна старэюць. Розніца неістотная, бо гісторыя заўсёды будзе працягвацца. Знойдзецца той, хто будзе яе распавядаць. Але гісторыя доктара Парнаса паказвае, што гульня з фантазіяй і апавяданне казак могуць быць небяспечнымі

«Фантазіўм доктара Парнаса» гэта новы доўгачаканы фільм аднаго з самых цікавых незалежных амерыканскіх рэжысёраў Тэры Гільяма. Гэта падарожжа ў бясконцы сусвет чалавечай фантазіі, паглыбленне ў мора ідэй старога ўжо казачніка.

 

Сам «Фантазіум» – незвычайны вандроўны тэатр, быццам перанесены з часоў Шэкспіра ці фільма «Розэнкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя». Фантазіўм – гратэскны і камічны след мінулага ў сучасным Лондане – адзінае што ёсць у калісці несмяротнага доктара Парнаса, стомленага жыццём чарадзея.

 

«Фантазіўм» – вяртанне да першых самастойных фільмаў Гільяма, перадусім нефармальнай трылогіі «Бандыты часу»/ «Бразілія» /«Прыгоды барона Мюнхгаўзена», знятай больш за 20 год таму. Буйства фарбаў і амаль барочны размах – пазнавальныя рысы яго творчасці. Тэматыка ўсё тая ж – бязмежнасць уяўлення, глыбіня фантазіі, моц простай магічнай гісторыі запісанай на старонках запыленай кнігі.

 

У Фантазіуме пазнаецца ўсё – ад кожнага незвычайнага (а для Гільяма акурат тыповага) павароту сюжэта да канцоўкі, няпростай, недназначнай, як заўсёды. І вось тут пачынаюцца праблемы. Тое, што можа захапіць новых гледачоў, для старых прыхільнікаў можа паказацца другаснай халтурай. Ад выбітных рэжысёраў чакаеш выбітных дасягненняў, а не падагрэтых катлет. Звычайная справа.

 

Не так істотна, што ў фільме трапляецца колькі незразумелых момантаў. Кепска тое, што ў ім ёсць моманты занудныя. Хібы ў самой канструкцыі сюжэту: спачатку доўгі час амаль нічога не адбываецца, затое канцоўка надзвычай дынамічная і, на жаль, кароткая. Хаатычнасць таго, што мы бачым на экране яшчэ больш ускладняе ўспрыманне.

 

Моцны бок стужкі: зорная кампанія актораў, якія замянілі Хіта Леджэра, пасля яго смерці ў часе здымак. Джоні Дэп, Джуд Ло і Колін Фарэл – альтэр эга Леджэра, калі той пераходзіць праз чароўнае люстра, у магічны свет Фантазіума. Том Уэйтс ідэальны ў ролі азартнага д’ябла, Крыстафер Пламэр у тытульнай ролі. Але нешта не спрацоўвае.

 

Мабыць, Гільям проста стаміўся змагацца з прадзюсерамі і непрыхільным лёсам. З першымі – за кожны даляр бюджэту, з другім – наогул за магчымасць стварыць нешта. Серыя няшчасных выпадкаў не дазволіла Гільяму зняць свой самы .доўгачаканы фільм – «Чалавека, які забіў Дон Кіхота». Здымкі «Фантазіума» былі амаль сарваныя смерцю спачатку аднаго з прадзюсераў, потым Хіта Леджэра і кантузіяй Гільяма. З такой колькасцю праблем цяжка дапрацаваць нешта да ўзроўню шэдэўра.

 

Фантасмагорыя Гільяма перарасла яго рэалізатарскія магчымасці. І «Фантазіум» – яўна не Парнас для яго. Гэта проста новы фільм Гільяма і апошні фільм Леджэра – ужо таму прапусціць яго нельга. Толькі не чакайце чагосці надзвычайнага.

 

Фільм: Фантазіўм доктара Парнаса / The Imaginarium of Doctor Parnassus, 2009 г., Велікабрытанія-Францыя-Канада, 122 хв.

Рэжысёр: Тэры Гільям

Жанр: казачная фантасмагорыя

Асабістая ацэнка: 6

Даслаць каментар



captcha

* Усе палi абавязковыя для запаўнення.
** Рашэнне аб публікацыі каментароў прымае рэдакцыя. Каментары, якія ўтрымліваюць некарэктныя выказванні і абразы гонару асобы не публікуюцца.


Каталог TUT.BY Гродненский Форум. Фотоцентр Mega DATE.BY | поиск, новости, работа, погода, фото | Беларусь, Минск Rating All.BY TUT.BY Будзьма разам! Беларуская Асацыяцыя Журналістаў
Адукацыя - стыль жыцця Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ.org adukatar.net