Рейтинг@Mail.ru
 

Улада і грошы

На гарадзенскім рынку палова гандлёвых месцаў пустуе

 
рынок центральный скидельский гродно

Гарадзенскія гандляры кажуць, што пераважная большасць з іх, далей працуючы, парушае ўказ № 222, і ўлады ведаюць пра гэта. Рэпартаж Свабоды з рынку «Цэнтральны» ў Гродне.

 
 

У той самы час ім дазваляюць працаваць, не чынячы масавых праверак, паколькі добра разумеюць, што недаатрымаюць у бюджэт і гэтых падаткаў, якія зараз плацяць прадпрымальнікі з рынкаў.

 

На гарадзенскім рынку «Цэнтральны» пануе атмасфера, якая даўно ўсталявалася: нешматлюдна, гандляры таварамі лёгкай прамысловасці сядзяць побач з сваімі працоўнымі месцамі і сумна паглядаюць на нешматлікіх пакупнікоў, якія ходзяць па гандлёвых радах.

 

Пытаюся ў мужчыны, які гандлюе курткамі і швэдрамі, як працуецца, ці нешта прадаецца. Ён у адказ паказвае рукой на рынак, маўляў, паглядзіце, пакупнікоў амаль няма і гандляроў значна паменела.

 

— У нас палова пустых месцаў, неяк прыкметна гандляры пачалі закрываць гэты бізнес, бо не выжыць: падаткі заплаціш і на жыццё не застаецца. Няма грошай у людзей, а значыць, няма бізнесу.

 

 

Да нашае размовы далучаюцца іншыя гандляры, паколькі працай ніхто не заняты. Пытаюся, ці выконваюць на рынку патрабаванні ўказу № 222, ці маюць усе адпаведныя дакументы? Гандляр джынсамі ўпэўнена кажа, што зараз гэтае пытанне не самае актуальнае.

 

— У нас на рынку цяпер толькі кропкавыя праверкі, часам санстанцыя прыйдзе, а падаткавікі не ходзяць. Бо калі яны прыйдуць, то 80% людзей, якія сёння яшчэ гандлююць, адразу разбягуцца, бо не маюць адпаведных дакументаў.

 

Яго адразу падтрымлівае жанчына-прадавачка і кажа, што ўлады трохі паразумнелі ў дачыненні да іх, але ёсць яшчэ над чым думаць:

 

— Яны ведаюць, што мы не выконваем гэтага ўказу і наш бізнес, па сутнасці, ледзь ліпіць, але нас не чапаюць, бо хоць нейкія падаткі ў бюджэт яшчэ атрымліваюць. А калі нас не стане, то і гэтага ў бюджэце не будзе. Зразумела, калі каманда паступіць, то прыйдуць адразу. Але шкада, што яны ніяк не могуць сваім розумам дайсці да таго, каб стварыць нам для працы нармальныя ўмовы, каб мы больш зараблялі і болей плацілі падаткаў.

 

 

Яшчэ адзін спадар удакладняе:

 

— Яны ж выдатна ведаюць, што мы нічога не крадзём, не парушаем, а дакументы, якія паводле гэтага ўказу патрабуюць, наогул не існуюць у прыродзе, то безумоўна лепей, каб мы працавалі і плацілі нешта ў бюджэт. А нам за месяц трэба аддаць на падаткі, арэнду і астатнія выплаты не меней за 500 рублёў. А яшчэ трэба зарабіць нешта на жыццё...

 

Іншая спадарыня кажа, што ўсё гэта сітуацыю і так не ратуе. Яна паказвае на пустыя гандлёвыя рады і кажа, што ўсё адбываецца само сабою.

 

— Вось пасядзіць чалавек тыдзень, другі, трэці — і ніякага прыбытку, і па тавар ехаць няма грошай, бярэ і закрываецца. Цяпер гэта ўсё так проста выглядае, паколькі і пазычыць ты ўжо нідзе не зможаш. І вось так незаўважна людзі знікаюць з рынку.

 

Адна з гандлярак распавядае сваю гісторыю, маўляў, пакінула ўжо працаваць, знайшла працу прыбіральшчыцай на два мільёны, але грошай не хапіла на пражыццё, таму вымушана была вярнуцца на рынак.

 

— Я жыву адна, думала, што на адной працы 2 мільёны зараблю, уладкуюся яшчэ на адну. Але на першай працы пачалі патрабаваць, каб сядзела цэлы дзень з 9 да 18 — і гэта за два мільёны! Шукала нешта іншае, абышла невядома колькі розных фірмаў — няма працы. Вярнулася сюды і таксама сяджу, продажаў няма, давядзецца зноў усё згортваць. Не ведаю, што далей рабіць, так ужо сумна жыць стала, і нідзе нікому ты не патрэбна... У газеце чытаеш, што ў нас 380 долараў заробак, а дзе ні пайдзі, то і двухсот людзі не зарабляюць.

 

 

Як правіла, першымі гандляваць пакінулі людзі маладзейшыя, і большасць з іх паехалі працаваць за мяжу. Мне ўдакладняюць, што восем чалавек толькі з гэтага рынку нядаўна ад’ехалі ў Швецыю. Адзін з прадпрымальнікаў кажа, што з гэтага таксама нічога добрага не будзе:

 

— Яны ўсе маладыя, прычым паехалі парамі, а дзяцей пакінулі на бабак і дзядоў. Можа, і заробяць, а дзеці ж бяз іх будуць гадавацца...

 

Жанчына перадпенсійнага ўзросту ўпэўненая, што і гэтыя гандляры ўжо адсюль разышліся б, але няма куды ісці.

 

— Вы паглядзіце, людзі атрымліваюць па два мільёны і зубамі трымаюцца за гэтую работу. Я хадзіла шукала працу, але безвынікова. У нас усе імкнуцца з’ехаць за мяжу, іншага выйсця няма. Мы вось тут падлічылі, што за год у пенсійны фонд пералічваем 600 долараў, а пенсію калі нашы жанчыны атрымліваюць, то толькі па 1700 тысяч на старыя. Наша суседка тут была: 20 гадоў на заводзе адпрацавала і 12 на рынку — і такая пенсія. Вось як гэта можа быць такое?

 

Паводле звестак Белстату, на 1 ліпеня 2016 году колькасць ІП у Беларусі скарацілася на 3,7%. У Гарадзенскай вобласці колькасць зарэгістраваных індывідуальных прадпрымальнікаў скарацілася на 5,7%.




comments powered by HyperComments
 
 
 
 

 

 
Беларуская Асацыяцыя Журналістаў Адукацыя - стыль жыцця Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка камунікат.org
Гродненский Форум. Яндекс.Метрика