Рейтинг@Mail.ru
 

Улада і грошы

Кампанія “Права выбару” пра парламенцкія выбары: “Парушэнні тыя ж, а ў дэпутатаў не хапае прафесіяналізму”

 
выборы 2016 гродно

Пра асноўныя парушэнні, зафіксаваныя ў Гродне на парламенцкіх выбарах, якія адбыліся 11 верасня, пра тое, як змянілася сітуацыя за апошнія гады і калі ў Беларусі чакаць сапраўдных выбараў, мы пагаварылі з памочнікам каардынатара кампаніі “Права выбару” Аляксандрай Васілевіч.

 
 

Як “Права выбару” ацэньвае парламенцкія выбары?

 

- У Гродне было чатыры выбарчыя акругі і каля 200 участкаў. З іх 41 адносіўся да Гродзенскай цэнтральнай акругі, дзе мы праводзілі назіранні. З дадзеных нашых назіральнікаў вынікае, што выбары ў чарговы раз не былі адкрытымі. Назіральнікі не бачылі падлік галасоў. У сярэднім іх ставілі ў чатырох-пяці метрах ад стала, дзе ішоў падлік. З такой адлегласці ўбачыць нешта ў прынцыпе немагчыма.

 

Якія парушэнні можна назваць асноўнымі?

 

- На працягу датэрміновага галасавання – прымус да галасавання ўмоўна асуджаных і студэнтаў, якія жывуць у інтэрнаце. Немагчыма было адначасова назіраць стол для выдання бюлетэняў, кабінкі і скрыні для галасавання з-за вялікай адлегласці. Гэтае пытанне вырашылася толькі пасля скаргі ў вышэйшую камісію.

 

право выбора выборы

 

У дзень галасавання назіральнікаў ставілі далека ад стала, дзе ішоў падлік. Лідзія Ярмошына рэкамендавала пускаць назіральнікаў не далей трох метраў. Відаць, у камісіях падумалі, што рэкамендацыя – рэч не абавязковая. Члены камісіі лічылі кожны свой стос, і потым раскладвалі іх па кандыдатах. На 12-м участку назіральнікі ўбачылі, што стос неяк дзіўна перамяшчаецца. У іх склалася ўражанне, што бюлетэні за аднаго кандыдата пераклалі ў стос за іншага. Калі назіральнікі папрасілі паказаць бюлетэнь з сярэдзіны стоса, ім адмовілі.

 

Кіраўнік місіі АБСЕ даў прамежкавую справаздачу, што выбары не адпавядаюць стандарту АБСЕ. Пэўныя рэкамендацыя наша краіна выканала, але гэта яшчэ не ўсе.

 

А як павінен праходзіць падлік галасоў?

 

- Пры акрэдытацыі назіральнік падае прапанову пра адкрыты і галосны падлік галасоў. Г.зн. каб адзін член камісіі паказваў кожны бюлетэнь кожнаму члену камісіі і кожнаму назіральніку, а затым клаў у стос.

 

Гэтую просьбу выканалі на закрытых участках, дзе галасуе ад 30 да 100 чалавек: на трэцім, шостым, дзявятым. І на адным ці двух адкрытых участках.

 

Мы спасылаліся на арт.13 Выбарчага Кодэкса (далей - ВК). А ў адказ нам спасылаліся на арт.55 ВК, дзе апісаны працэс падліку. Але ж арт.55 не пярэчыць арт.13! Ускрывайце скрыні паводле алгарытму арт.55, але дайце магчымасць бачыць, што вы робіце.

 

Ці збыліся вашы прагнозы адносна парламенцкіх выбараў?

 

- За папярэднія выбары мы склалі агульныя пункты скаргаў, каб было прасцей назіральнікам-неюрыстам. Мы не памыліліся: усё тыя ж парушэнні.

 

Члены камісіі прыслухоўваюцца да назіральнікаў?

 

- Найбольш яны прыслухоўваюцца і змяняюць свае паводзіны пры з’яўленні міжнародных назіральнікаў. А адносіны да шэрагавых назіральнікаў залежаць ад старшыні камісіі.

 

Аляксандра Васілевіч

 

 

Уявім, што падлік галасоў у Гродна быў рэальны. Хто б перамог?

 

- У Гродне ўдзельнічалі тры прадстаўнікі Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі. Як прадстаўнік той жа партыі, я лічыла, што нашы кандыдаты маглі і павінны былі перамагчы. Але калі аб’ектыўна, то былі вельмі моцныя кандыдаты ад дэмакратычных структур па ўсіх акругах Гродна і не ад нашай партыі. Калі б выбары праходзілі па стандартах АБСЕ, яны, можа, не парамаглі б, але працэнты набралі б значна большыя.

  

Парламенцкая кампанія чымсьці адрозніваецца ад прэзідэнцкай?

 

- Прэзідэнтская кампанія цікавейшая для людзей. Там не трэба выкарыстоўваць адміністратыўны рэсурс для павышэння яўкі. Але гэта і больш нервовая кампанія. Кожная камісія адчувае сваю адказнасць і стараецца ўсё магчымае зрабіць на месцы.

 

Чаму парламенцкая кампанія менш цікавая для людзей?

 

- У нас цалкам нівелявалася роля парламента. Калі ў 90-я парламент 12-га склікання сапраўды прымаў рашэнні, то зараз проста падпісвае паперы, якія ідуць з Адміністрацыі Прэзідэнта і Цэнтра па законатворчасці. Па статыстыцы за першае паўгоддзе 2016 года з 35 законаў, якія разгледзеў і прыняў парламент, толькі два ці тры былі дэпутацкай ініцыятывай. Людзі не бачаць, што робяць члены парламента, і не асабліва вераць у гэты орган.

 

Смешна глядзець, як кандыдаты абяцаюць зрабіць дваровыя тэрыторыі, пакласці новы асфальт, вырашыць пытанне з аварыйным жыллем. Гэта не ўзровень дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якая павінна займацца законатворчасцю. Шмат у каго з дэпутатаў не хапае прафесіяналізму, каб лабіраваць законапраекты. Які б не быў добры ўрач, дырэктар школы, ВУЗа, ён не з’яўляецца юрыстам і этапы законатворчасці не ведае.

 

Што такое адміністратыўны рэсурс і як яго выкарыстоўваюць?

 

- Гэта стандартная практыка ў Беларусі. Напрыклад, на 18-м участку (Аграрны ўніверсітэт) у першы дзень датэрміновага галасавання студэнты ішлі натоўпам. На сустрэчы з рэктарам ім сказалі: хочаце з’ехаць на выходныя – ідзіце на датэрміновае галасаванне. На тым жа ўчастку прыйшоў камендант інтэрната і патрабаваў у камісіі паказаць яму спісы тых, што не прагаласаваў, каб яны дайшлі. Нашы назіральнікі зафіксавалі гэтыя факты і падалі скаргу ў пракуратуру. Але да нас дайшла “інсайдарская” інфармацыя, што пракуратура не ўбачыць у гэтым парушэння выбарчага заканадаўства.

 

Чаму так адбываецца?

 

- Адбываецца падмена паняццяў. Кажуць: мы ж просім прагаласаваць, а не кажам, за каго. Згодна з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам чалавек сам вырашае, удзельнічаць у выбарах ці не. Любы прымус, тым больш да датэрміновага галасавання – гэта парушэнне заканадаўства.

 

За кошт каго павялічваецца яўка выбаршчыкаў?

 

- Яўка нарошчваецца за кошт людзей, якія нейкім чынам залежаць ад улады: студэнты, ваеннаслужачыя, умоўна асуджаныя, людзі на закрытых участках. Што датычыць моладзі - рэдкія выпадкі, калі студэнты не галасуюць. Трэба не толькі ведаць свае правы, але і быць смелым, каб адмовіцца ад датэрміновага галасавання ці галасавання ўвогуле. Але звычайна тым, хто не галасуе, за гэта нічога не бывае.

 

На адным участку для галасавання “супраць усіх” прагаласавала траціна выбаршчыкаў. Чым можна растлумачыць такі высокі працэнт?

 

- Людзі не вераць ні ўладзе, ні апазіцыі. Калі пратэстнае галасаванне пачне дамінаваць, улада зразумее, што трэба нешта змяняць. Бо гэта паказвае, што людзі не вераць не толькі ў прапанаваных кандыдатаў, але і ў сістэму.

 

Якія адносіны паміж незалежнымі і залежнымі назіральнікамі?

 

- У 2015 годзе ў мяне склалася ўражанне, што незалежны назіральнік назірае за выбарчым працэсам, а залежны там – каб той першы не назіраў лішняга [усміхаецца]. Праўладныя назіральнікі не ведаюць ВК увогуле. Ім важна проста адсядзець. Затое ў выпадку скаргі выдаюць адказы: акрамя вас сядзелі пяць назіральнікаў і яны нічога не бачылі. Значыць, вам здалося.

 

Ці змяняецца нешта ў параўнанні з мінулымі выбарамі?

 

- Змяняецца трошкі. Пачалі з’яўляцца ўчасткі, дзе адкрыта лічылі галасы. Але казаць пра татальныя змены рана. Па ВК камісія павінна складаееца з палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў. Яны як забівалі гэтую квоту “Белой Руссю”, Саюзам ветэранаў, Саюзм жанчын, так і забіваюць. А немагчымасць бачыць бюлетэні засталася. На даму зараз галасуе не 300 чалавек, а 30-100. Сыходзіць з камісій старэйшае пакаленне, якое да апазіцыі і незалежных назіральнікаў адносілася як да ворагаў народа. Прыходзяць больш маладыя, якія не так варожа настроеныя.

 

Які яшчэ вывад можна зрабіць з сёлетніх выбараў?

 

- Як юрыст, я ўбачыла некаторыя рэчы, якія даюць магчымасць для рознай трактоўкі ў заканадаўстве на практыцы. Але нашы рэкамендацыі не будуць сур’ёзна разглядацца. Падумаем, як праз міжнародныя структуры выключыць такую магчымасць. Я зараз сістэматызую парушэнні і заканадаўную частку, якая гэта дазваляе. А з гатовым матэрыялам будзе прасцей.

 

“Права выбару” - сумесная кампанія грамадскіх структур і палітычных партый па назіранні за выбарамі. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 года ў “Права выбару” ўвайшлі БСДП (Грамада), аргкамітэт БХД, ”Гавары праўду”, Партыя БНФ, прафсаюз РЭП, аргкамітэт ПСП, “Зялёныя” і Рух “За Свабоду”. “Права выбару” заклікае далучацца да назірання, каб разам супрацьстаяць фальсіфікацыям.

 

Перадрук матэрыялаў сайта “Твой стыль” дазваляецца толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі і пры захаванні аўтарства і наяўнасці актыўнай індэксаванай гіперспасылкі на арыгінал публікацыі. Падрабязнасці тут.

Тэмы: палітыка, меркаванні



comments powered by HyperComments
 
 
 
 

 

 
Беларуская Асацыяцыя Журналістаў Адукацыя - стыль жыцця Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка камунікат.org
Гродненский Форум. Яндекс.Метрика