Рейтинг@Mail.ru
 

Пагляд

Вечарынка з Клінтан, Трампам і ўсімі астатнімі. Як уся Амерыка глядзіць перадвыбарчыя дэбаты

 
Прэзідэнтскія дэбаты, першы тур

Вечар панядзелка 26 верасня Амерыка правяла ў назіраннях за прэзідэнтскімі дэбатамі. Традыцыйна пад час такіх тэлетрансляцый людзі збіраюцца ў кавярнях ці барах, альбо ладзяць вечарынкі - “дэбат паці” - дома і запрашаюць сяброў. Сёлетнія дэбаты адметныя тым, што апроч тэлевізійнай, мелі трансляцыю ў Facebook, YouTube і Twitter. Паводле папярэдніх ацэнак, агульная колькасць праглядаў трансляцый склала каля 100 млн. Са Злучаных Штатаў Амерыкі піша карэспандэнт "Твайго стылю" Ірына Новік.

 
 

 

Амерыканцы лічаць для сябе важным глядзець трансляцыі дэбатаў, бо гэта шанец пабачыць абодвух кандыдатаў у рэжыме рэальнага часу, ацаніць, як яны трымаюцца, адказваюць на пытанніі, аргументуюць свае пазіцыі. Ад таго, хто з іх у выніку атрымае перамогу ў выбарах, будзе залежаць і палітыка краіны на наступныя чатыры гады, таму людзі зацікаўлены разабрацца ў сітуацыі, і свядома скарыстаць сваё права голасу.

 

“Кажуць – яна ведзьма, але яна патрэбна Амерыцы”. Чаму прафесарка Шэрман раіць прагаласаваць за Хілары

 

“Што стала з маёй Амерыкай?” Знакаміты аналітык і “прынц апытанак” Джон Зогбі пра выбары і тых, хто стварае новую рэальнасць

 

Міленіялы і Ярмошына. Што амерыканцам добра, таго Цэнтрвыбаркаму не зразумець


 

 

Дыскутуюць у гэты час не толькі самі кандыдаты. Для гледачоў тэледэбаты – добрая нагода, каб сабрацца разам, абмеркаваць выступы, пасмяяцца з удалых жартаў ці недарэчных адказаў. Звычайна глядзець такія трансляцыі ходзяць у бліжэйшыя бары ці клубы, анонсы прапановаў змяшчаюцца ў прэсе. Пад час вечарынкі  дружныя выбухі смеху і нават апладысменты ў яркія моманты дыскусіі ствараюць вельмі прыязную атмасферу. Удзельнікамі імпрэзы робяцца ўсе.

 

 

Не менш папулярна і запрашаць у такія вечары гасцей да сябе. На старонцы League of Women Voters of the U.S. (Аб’яднанне жанчын-выбаршчыц ЗША) размешчаны парады па арганізацыі такіх вечарынак.

 

“Вы можаце паглядзець дэбаты і не атрымаць адказаў на пытанні, што ў вас узніклі. Пра гэта варта пагаварыць з сябрамі, выказаць свае думкі і паслухаць іх меркаванні”. Каб дыскусія не сышла ўбок, раяць нават шэраг пытанняў: Што б вы хацелі пачуць ад кандыдатаў? Як яны гаварылі пра надзенныя праблемы, што стаяць перад краінай? Якую інфармацыю, важную вам, як выбаршчыку, далі дэбаты? Ці абова кандыдаты мелі роўныя магчымасці для выказванняў?

 

 

 

Сярод парадаў таксама – зручна абсталяваць месца для прагляду, прыгатаваць штосьці смачнае і прапанаваць гасцям таксама прынесці пачастункі, рабіць фота пад час імпрэзы і посціць іх у сацсетках з адмысловым хэштэгам, а пасля прагляду – зладзіць уласную дыскусію, скласці свой рэйтынг кандыдатаў і падзяліцца вынікамі ў сацсетках.

 

 

Сацсеткі і інтэрнэт-медыі ўвогуле сталі важнай часткай сёлетніх выбараў. Упершыню “стрымінг” дэбатаў правёў Twitter за падтрымкаю агенцыі Bloomberg.

 

 

Таксама вялася трансляцыя на Facebook і YouTube. Поўны тэкст дэбатаў таксама ўжо даступны анлайн. Паводле меркавання прафесара Поўла Левінсона (Paul Levinson), спецыяліста па камунікацыях, “рэйтынг гэтых дэбатаў, асабліва першай трансляцыі, будзе сягаць вышэй дахаў, астранамічна, можа нават абгоніць Super Bowl [гульні амерыканскага чэмпіяната па футболу]”.

 

Афіцыйна вынікі прэзідэнwкіх дэбатаў не падводзяцца, але інфармацыйныя агенцыі праводзяць свае апытанкі і спаборнічаюць у дакладнасці прагнозаў. У залежнасі ад аўдыторыі вынікі моцна розняцца – недзе гледачы аддалі сімпатыі “чырвоным” рэспубліканцам, недзе –  “сінім” дэмакратам.

 

 

Паводле найбольш уплывовага CNN першы тур застаўся, усё ж, за Хілары Клінтан.

 

Наступныя туры дэбатаў пройдуць 9 і 19 кастрычніка.

 

Перадрук матэрыялаў сайта “Твой стыль” дазваляецца толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі і пры захаванні аўтарства і наяўнасці актыўнай індэксаванай гіперспасылкі на арыгінал публікацыі. Падрабязнасці тут.




comments powered by HyperComments
 
 
 
 

 

 
Беларуская Асацыяцыя Журналістаў Адукацыя - стыль жыцця Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка камунікат.org
Гродненский Форум. Яндекс.Метрика