Рейтинг@Mail.ru
 

Гісторыя

Новы Свет – горад, які мы страцілі за некалькі гадоў

 
Новы свет Гродна

У канцы 2015 года мы вырашылі ўзгадаць, як за апошнія 10 год страцілі адзін з самых цікавых і адметных кварталаў старога Гродна, і параўнаць яго выгляд сёння і раней.

 
 

Пачынаючы з восені 2005 года гродзенскія гісторыкі і проста актыўныя грамадзяне правялі шэраг акцый па выратаванні драўлянага квартала Гродна – Новага Свету. Былі фотапленэры і конкурсы, пра Новы свет знялі фільм і напісалі кнігу, сабраныя дзясяткі ўспамінаў.

 

Часам здавалася, што хаця б частку каштоўных драўляных будынкаў удасца выратаваць. У 2012 годзе ўлады нават правялі адзінае паседжанне спецыяльнай камісіі па захаванні Новага Свету, а гісторыкі Андрэй Чарнякевіч ды Ігар Лапеха правялі экскурсію для тагачаснага старшыні гродзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіры. Той абяцаў усямерную падтрымку ў захаванні старога квартала.

 

Гарады, дзе перамог Новы Свет

 

У 2009 годзе той самы Ігар Лапеха ды гісторык Андрэй Вашкевіч звярталіся ў Міністэрства культуры з праектам рэнавацыі раёна. Яны прапаноўвалі ўнесці Новы Свет у спіс гісторыка-культурнай спадчыны і забудаваць лакуны паміж гістарычнымі будынкамі, абнавіўшы коштам новых будынкаў камунікацыі ды старыя двары.

 

Але цяпер можна канстатаваць, што Новы Свет фактычна страчаны. За апошнія пяць гадоў была рэалізавана канцэпцыя “кропкавых удараў” па Новым Свеце, у выніку якіх былі знесены самыя цікавыя і каштоўныя будынкі. Паколькі абшар так і не трапіў пад ахову, то пастараліся і мясцовыя жыхары, панішчыўшы старыя дзверы ды вокны пры дапамозе пенаблокаў і шклопакетаў. На развітанне з Новым Светам прапануем чытачам “Твайго стылю” сумную галерэю здымкаў – якім быў і якім стаў Новы Свет.

 

У гэтым доме да нядаўняга часу жыла дачка ўласніка будынка, тэлеграфнага чыноўніка Янушкевіча. Спадарыня Цішкова была сапраўдным старажылам Новага Света, захавальніцай ягонай душы. Хутка пасля таго, як дзевяностагадовая жанчына памерла, дом пачалі актыўна “раманатваць”, традыцыйна пачаўшы са шклопакетаў.

 

Міжваенны “карлсанхаўс” (бо менавіта пад такім дахам жыў знакаміты чалавек-верталёт Карлсан) быў хутка і без лішняга розгаласу прададзены на аўкцыёне. Кажуць, у ім адчыніцца невялікі гатэль. Дом быццам захавалі, аднак насуперак заяўкам гісторыкаў у спіс спадчыны яго так і не ўключылі, таму рамонт атрымаўся цалкам у сучасных беларускіх традыцыях. Шклопакеты, металадахоўка замест шыкоўнай чырвонай дахоўкі, гладкая тынкоўка замест слюдзяной “шубы” зрабілі гэты будынак толькі бледным напамінам пра тое, што можна было пабачыць пару гадоў таму.

 

Шыкоўная драўляная былая пякарня Любэга таямніча згарэла гадоў восем таму. Нейкі час таму пачалі гаварыць што на яе месцы паўстане крама ці нейкі іншы сацыяльны аб’ект, бо чыноўнікі, якія гавораць пра неабходнасць зносу Новавага Света, заўсёды падкрэсліваюць, што тут няўтульна жыхарам – няма крамаў ды цырульняў. Але аказалася, што з пенаблокаў тут лепяць… жылы дом на некалькі кватэр. Будучых уласнікаў элітных кватэр у Новым Свеце, як бачым, адсутнасць крамаў не пужае зусім.

 

Новы свет стане элітным кварталам. Ці ўпершыню?

 

Новы свет Гродна

Новы свет Гродна

Дом Беклемішавых, дзе жыў будучы акадэмік Казахстана, доктар-гігіеніст Беклемішаў, быў знесены ў 2012 годзе, па іроніі лёсу акурат у тыя дні, калі ў Беларусі гасцяваў Нурсултан Назарбаеў. Цяпер на месцы дома пустэча.

 

Новы свет Гродна

Новы свет Гродна

Дом Полудняў – раней тут былі мясная крама і нават рабілі каўбасы. Цяпер дом “зашклопакецілі”. Пры чым так, што ўласнікі кватэр нават паленаваліся замовіць большыя шклопакеты. Вольныя месцы пад вокнамі проста заклалі цэглай.

 

Новы свет Гродна

Новы свет Гродна

Дом на вул. 1 Мая. Перад зносам невядомыя “рупліўцы” знялі на свае лецішчы ўсе металічныя парэнчы і іншыя дэталі.

 

А гэты сімпатычны дамок на Міцкевіча перажыў сапраўдную метамарфозу. Засталося толькі закласці пенаблокамі вокны і ўсе астатнія ўваходы.

 

Новы свет Гродна

Новы свет Гродна

Новы свет Гродна

Нешта падобнае адбылося з домам Рымарчукоў на Бялінскага. Яшчэ сваё стагоддзе ў 2009 годзе дом сустракаў амаль з усімі разнымі ліштвамі і найпрыгажэйшымі дзвярамі. Цяпер ад гэтай прыгажосці не засталося нічога.

 

Дом інжынера Астроўскага на вуліцы Астроўскага. Яго быццам захавалі, але толькі самы вычварны розум пазнае ў ружовым торціку былы стыльны белы асабняк. Здаецца ж, можна было і разбудаваць дом, але нашто было ляпіць на яго столькі недарэчных упрыгажэнняў – нейкія русты, паўкружжы, падваконні…

 

Новы свет Гродна

Новы свет Гродна

Адзін з апошніх у Гродне крытых дахоўкай дахаў замянілі… шыферам! І гэта ў самым цэнтры горада, хаця нават на блізкай Беласточчыне шыфер не выкарыстоўваюць ужо гадоў трыццаць, бо небяспечна для здароўя.

 

Новы свет Гродна

Новы свет Гродна

Магутны дом на вуліцы Горкага прыцягваў увагу сваімі стыльнымі ліштвамі. Іх з нейкай асаблівай жарсцю знішчылі ўсе. Будынак збіраюцца абкласці пенаблокамі.

 

Новы свет Гродна

Новы свет Гродна

Знакаміты “Гарачы Хлеб”. На месцы цудоўнага доміка пустэча – вось ужо дзевяць гадоў горад, замест таго, каб зарабляць капейчыну ад падаткаў з крамы ці офіса ў гэтым доме, проста гадуе тут шыкоўную клумбу.

 

Новы свет Гродна

Новы свет Гродна

Утульны дамок каля хлебазавода. Цяпер стаянка.

 

Новы свет Гродна

Новы свет Гродна

У будынку засталася літаральна адна старая ліштва.

 

Новы свет Гродна

Старых дзвераў даўно няма.

 

Новы свет Гродна

Гэты дом на Міцкевіча і яшчэ некалькі будынкаў далей па вуліцы хутка знясуць. Ім нельга стаяць каля новага парка высокіх тэхналогій.

 

Фота Яна Лялевіча

 

Перадрук матэрыялаў сайта “Твой стыль” дазваляецца толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі і пры захаванні аўтарства і наяўнасці актыўнай індэксаванай гіперспасылкі на арыгінал публікацыі. Падрабязнасці тут.

Тэмы: грамадства, фота, гісторыя, архітэктура, будаўніцтва



comments powered by HyperComments
 
 
 
 

 

На saunalike.ru сауна заказ под ключ. | Смотрите botanikspace.ru свадебный букет невесты.
 
Беларуская Асацыяцыя Журналістаў Адукацыя - стыль жыцця Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка камунікат.org
Гродненский Форум. Яндекс.Метрика