Рейтинг@Mail.ru
 

Гісторыя

Апошнія гады Фары Вітаўта або Як знішчалі самы старажытны касцёл Гродна

 
Фара Вітаўта

29 лістапада спаўняецца 54 гады, як Гродна страціў свой самы старажытны каталіцкі храм – касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны, у народзе проста Фара Вітаўта.

 
 

На вежы прапанавалі арганізаваць парашутную вышку

 

Першая ўзгадка пра драўляную Фару Вітаўта адносіцца да далёкага 1389 году. За амаль шэсць стагоддзяў існавання храм не адзін раз перабудоўваўся, належыў і каталікам, і праваслаўным. Перажыў абедзве сусветныя войны і застаўся амаль непашкоджаным. Аднак у тагачаснай савецкай дзяржаве, дзе  панавала палітыка атэізму і храмаборства, магутны старажытны касцёл быў непажаданым элементам не толькі для агульнага выгляду гораду, але і для пануючай ідэалогіі.

 

Што ты ведаеш пра Фару Вітаўта? Тэст па гісторыі ад “Твайго стылю”

 

Спачатку ўлады вырашылі выкарыстоўваць храм для размяшчэння там установы па нарыхтоўцы ільну, у лютым 1949 года частку будынка занялі таварыствы садзейнічання арміі і флоту. Менавіта тады паступілі прапановы, каб на вежы касцёлу арганізаваць парашутную вышку.

 

У снежні 1951 года будынак перадаюць “Аўтатрактарзбыту” як склад для запчастак, затым Гарпрамхарчу, Галоўабутакзбыту, універмагу.

 

У сакавіку 1958 года гарвыканкам дазволіў рэканструяваць Фару Вітаўта пад шырокаэкранны кінатэатр, але гэтую ініцыятыву не рэалізавалі. У 1959 годзе была спроба аддаць храм пад перабудову ў Дом фізкультуры, але і гэты праект аказаўся правальным. Гэтыя варыянты перабудовы прадугледжвалі капітальныя змены знешняга выгляду касцёла, напрыклад, ліквідацыю вежы са званіцай.

 

Што такое Фара Вітаўта? Апытанне на вуліцах Гродна (ВІДЭА)

 

Невядомы гарадзенец пагражаў узарваць мост

 

8 сакавіка 1961 года гарвыканкам прымае пастанову № 213 “О сносе аварийного здания военного костела на площади Советской”. Была створана цэлая дзяржаўная камісія, якая павінна была кантраляваць падрыхтоўчыя працы для ліквідацыі Фары Вітаўта. Знішчыць храм было вырашана з дапамогай выбухоўкі. Працу даручылі спецыялістам з Ленінграду на чале з прарабам М. Пінам. Кошт ліквідацыі касцёла складаў 19,5 тысяч савецкіх рублёў (гэта кошт васьмі аўтамабіляў “Масквіч” М-407 або 24 матацыклаў “Урал” або 459 пыласосаў “Чайка” або 8,5 тоны Доктарскай каўбасы).

 

Цікава, што адным з удзельнікаў падрыўной групы была  жанчына, пра якую ў хуткім часе па Гродне папаўзлі чуткі, нібыта яна моцна захварэла. Гарадзенцы ўспрымалі гэта як Божае пакаранне для разбуральніцы храму.

 

Гародня без фары Вітаўта – гэта не Гародня

 

Падрыхтоўчыя працы да выбуху пачаліся 27 лістапада, каля касцёла пастаянна знаходзіліся міліцыянты. Гарадзенцам, якія жылі побач з храмам, забаранялася падыходзіць да вокнаў.

 

Была толькі адна спроба абараніць Фару Вітаўта – ананімны тэлефонны званок у гарвыканкам. Невядомы выставіў ультыматум: калі знясуць касцёл, то ў адказ будзе ўзарваны мост. Мясцовыя ўлады адразу адрэагавалі на пагрозу і на масце ўначы з’явіліся ўзброенныя каравулы, а днём мост патрулявалі міліцыянеры, якія не дазвалялі надоўга затрымлівацца на ім.

 

Усё навокал было ў чырвоным пыле

 

У ноч з 28 на 29 лістапада ўсё было гатова да выбуху, тэрыторыю вакол касцёла ачапіла ўзброеная варта, а людзей, якія жылі побач, вывелі з дамоў на час аперацыі. Час выбуху быў прызначаны на 2 гадзіны ночы. Выбух павінен быў адбыцца пасля падачы сігналу.

 

За 15 хвілін да выбуху камендант Саматонін падаў першы сігнал – у неба ўзляцела зялёная ракета. Гэта азначала, што праз 15 хвілін пачнецца аперацыя. За 3 хвіліны да выбуху той жа таварыш выпусціў чырвоную ракету, што азначала “ўсім заняць свае месцы”.

 

Неўзабаве гарадзенцы адчулі моцны штуршок і дзіўны гук – накіраваны выбух узняў касцёл уверх, а калі асеў пыл, то на месцы велічнай старажытнай Фары Вітаўта ўжо былі руіны.

Фара Вітаўта

Сведкі тых падзей распавядаюць, як раніцай Савецкая плошча, вуліцы Савецкая, Ажэшкі і іншыя навакольныя вуліцы былі ў чырвоным пыле. Дзеці лазілі па рэштках храма, адтуль іх ганялі вайскоўцы. Праз год, у 1962 годзе, на месцы Фары Вітаўта збудавалі скверык, які потым стаў любімым месцам гарадзенскіх выпівох.

 

Памяць у Гродне пра Фару Вітаўта

 

Але гісторыя найстарэйшага гарадзенскага каталіцкага храму яшчэ не скончылася. Пасля развалу Савецкага саюза, у 1992-1993 гадах па ініцыятыве тагачаснага намесніка старшыні гарвыканкама Аляксандра Мілінкевіча на месцы, дзе быў храм, праводзіліся археалагічныя раскопкі. Калі знайшлі добра захаваныя падмуркі, з’явіліся ідэі адбудовы касцёла, але ніводная з іх не была рэалізавана.

Фара Вітаўта

Падмуркі ізноў закапалі і да 2014 года на месцы касцёлу далей быў сквер. У час чарговага фестывалю нацыянальных культур на месцы магутнага храму адкрылі памятны знак, які зараз нагадвае гарадзенцам пра страчаны касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны.

 

Вандроўка па старым Гродне. Частка ХІ. На старым Рынку

 

Перадрук матэрыялаў сайта “Твой стыль” дазваляецца толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі і пры захаванні аўтарства і наяўнасці актыўнай індэксаванай гіперспасылкі на арыгінал публікацыі. Падрабязнасці тут.

Тэмы: гісторыя



comments powered by HyperComments
 
 
 
 

 

 
Беларуская Асацыяцыя Журналістаў Адукацыя - стыль жыцця Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка камунікат.org
Гродненский Форум. Яндекс.Метрика