Рейтинг@Mail.ru
 

Культура

Новы сінгл МІКІТА заспяваў па-беларуску. Гэта “Лёс”

 
Мікіта Ігнаценка

Гарадзенец Мікіта Ігнаценка ў школьныя гады іграў на скрыпцы, пасля скончыў ГИТИС у Маскве і стаў артыстам. Стварыў уласны музычны праект “STAY”, дзе спяваў і выступаў як саўндпрадзюсар. Як выканаўца ён такама браў удзел у працы групы “Triangle Sun”. Большая частка песень юнака напісана на ўласныя англамоўныя тэксты. Сёлета ён распачаў сольны праект “МІКІТА” і ўжо выпусціў першы сінгл “Лёс”. Цяпер песні маюць у аснове вершы самога Мікіты, якія, нечакана нават для яго, склаліся па-беларуску.

 
 

Заспяваў па-беларуску


“Нават не ўяўляў сабе, што такое можа адбыцца. А калі здарылася, то на пачатку не надаў значэння”, – распавядае Мікіта пра беларускія словы, што прышлі ў галаву пад час працы над чарговай музычнай тэмай.

 

“Пісаў іншую музыку, на другі зусім матэрыял, а вось аднекуль прыйшлі першыя два радкі на беларускай мове”. Напачатку адмахнуўся ад гэтай думкі, бо ніколі не думаў пісаць па-беларуску. Быў як усе – рускамоўны, беларускую вучыў у школе, потым, бывала, прыходзілі пэўныя беларускія слоўцы на думку, ды тым усё і абмяжоўвалася. Думаў, і гэтым разам міне. Аднак, радкі ўсплылі ў памяці, калі наступным разам сеў працаваць над музычнай тэмай.

 

 

З’явілася жаданне зрабіць гэту песню: “Не было ні планаванага намеру, ні ідэалогіі, ні думкі пра тое, што трэба нешта змяняць у гэтым свеце. Я проста зразумеў, што мяне гэта зацікавіла”, - узгадвае Мікіта.

 

Шчырасць, дзівацтва і шанец “Лёсу”


Напачатку думаў, што песня будзе “для сябе”, пэўным такім андэграўндам. Да таго ж, сюжэтна словы песні адлюстроўвалі “ўласную гісторыю” хлопца. “Яна пра мяня і тую, з кім зараз звязана маё жыццё”.

 

Вокладка сінгла "Лёс". Аўтар здымка - Дыяна Маліноўская

 

Але потым вырашыў, што варта даць песні гучаць вольна. “Зараз  рады, што не пасаромеўся раскрыцца на ўсіх. Дзякуючы гэтаму зразумеў, што часам варта быць смялейшым”.

 

Паводле хлопца, з такой пазіцыі можна рабіць рэальнасцю нават тыя рэчы, што на першы погляд падаюцца зусім непраўдападобнымі. “Выпуск беларускай песні з электроннай музыкай – гэта і праўда выглядала як дзівацтва. Да гэтага часу знаходзяцца “знаўцы”, што не могуць зразумеюць, навошта я гэта раблю. Але ёсць і такія, нават сярод калегаў з Масквы, з іншых месцаў Расіі, што шчыра захапляюцца гэтай працай. Маўляў, ніколі раней не чулі, што беларуская мова так прыгожа і музыкальна гучыць”.

 

 

Таму зараз Мікіта працягвае працу над беларускімі тэкстамі і музыкай да іх. “Падаецца, што гэта цікава і перспектыўна – развіваць у сабе навык, што з’явіўся, лічы, выпадкова. Але калі шчыра, калі азірнуцца назад і ацаніць сітуацыю, то ўсё аказваецца заканамерна. Думаю - чаго ж мне раней гэта не прышло ў галаву? Выпадак, што нічога не абяцаў, апынуўся новай старонкай ў творчасці”.

 

Аказалася, што калі распавесці шчыра, то людзей гэта кранае. “Напэўна, так павінна пісацца любая музыка. Увогуле, любы твор”.

 

 

Іншая справа, разважае Мікіта, што такія моманты шчырасці не часта здараюцца. Некаму можа раз на жыццё пашанцуе, некаму двойчы, а іншаму – як не старайся – не даецца. “Мне пашанцавала, і гэта нагода рухацца ў тым напрамку далей, каб не страціць дараванае лёсам”.

 

SТАY + MІКІТА


Беларуская мова - ужо трэцяя з тых, што выкарыстоўвае Мікіта ў сваіх песнях. Папярэдні яго праект “Stay” меў у асноўным песні з англійскімі тэкстамі. “Музыка там была свая – гэта быў першы досвед напісання і аранжыровак, там шмат шышак было набіта і шмат досведу набыта”, – расказвае Мікіта.

 

Вокладка аднаго з альбомаў групы

 

У раскрутку праекта не ўкладаліся грошы, але некаторыя песні групы сталі пазнавальнымі і нават папулярнымі. “Неяк аднакласніку праспяваў пачатак песні On This Way, а ён падхапіў і працягнуў да прыпева. Праўда, не мог паверыць, што песня мая – аўтараў рэдка ведаюць. А нядаўна і сам, у маршрутцы ехаўшы, пачуў яе па радыё, прыемна было”.

 

Зараз, са словаў Мікіты, пытанне са “Stay” застаецца адкрытым – магчыма, у яго межах і надалей будуць выходзіць англамоўныя музычныя кампазіцыі.

 

Англійская гучыць “цікава”, а з рускай трэба быць акуратным


Што да рускай мовы, то і такія песні заўжды былі ў працы, зазначае Мікіта. На публіку яны амаль не выходзілі, бо сам аўтар не адчуваў задаволенасці тэкстамі: “Руская мова тут усім блізкая і зразумелая. То каб пісаць і спяваць па-руску, трэба мець пэўную смеласць. Бо запраста можа атрымацца нешта безгустоўнае.”

 

Калі ўжо планаваць выпуск песень з рускамоўнымі тэкстамі, то ставіцца да іх трэба вельмі сур’ёзна, мяркуе Мікіта. “З англійскай мовай у нас прасцей, яна дае пэўную свабоду і гучыць “цікава”.

 

 

Аднак жа і ў песень з рускімі тэкстамі Мікіты ёсць свае прыхільнікі – сябры кажуць што “атрымваецца прыгожа”. То цалкам магчыма, што у сольным праекце МІКІТА будзе гучаць музыка на трох мовах.

 

Мова: не палітыка, а творчасць


Увогуле, беларукае “моўнае пытанне” зараз занадта часта выкарыстоўваецца як палітычны ды ідэалагічны інструмент, мяркуе Мікіта. Аднак жа - “мова таго не заслугоўвае” . Уласным досведам музыка сведчыць, што пры “тонкім і граматным стаўленні яна прарастае сама”.

 

 

Тое, што зараз пайшла хваля моды на беларускасць, Мікіту таксама падабаецца:

 

“Нарэшце людзі сталі разумець, што беларускае – гэта не значыць кепскае, ці толькі тое, што ёсць у бабулі на вёсцы. Цешыць, што беларускасць знайшла сабе выйсце ў сучаснай культуры – ад расфарбоўкі самалётаў да арнаментаў на рэчах шырпатрэба. І галоўнае, што мову пачынаюць успрымаць не як палітычны інструмент, але як яшчэ адну моцную крыніцу творчасці і магчымасць раскрыць сябе. Гэта, на мой погляд, крута!"

 

Фота аўтаркі


 

Перадрук матэрыялаў сайта “Твой стыль” дазваляецца толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі і пры захаванні аўтарства і наяўнасці актыўнай індэксаванай гіперспасылкі на арыгінал публікацыі. Падрабязнасці тут.




comments powered by HyperComments
 
 
 
 

 

http://levtor.org/ призрак в доспехах 2017 фильм. Призрак в доспехах фильм 2017.
 
Беларуская Асацыяцыя Журналістаў Адукацыя - стыль жыцця Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка камунікат.org
Гродненский Форум. Яндекс.Метрика