Рейтинг@Mail.ru
 

Культура

Практычнасць і эстэтычнасць. У Гродне адкрылася новая этнакрама “Лёля”

 
Этнакрама Лёля

У краме, што працуе з 1 кастрычніка, можна набыць рамесныя вырабы беларускіх майстроў: ад упрыгожванняў да посуду. Гаспадыня “Лёлі” Дар’я Фядотава-Вановіч лічыць, што такія рэчы заменяць масавыя кітайскія тавары і павысяць спажывецкую культуру гарадзенцаў. А ў будучыні тут змогуць праходзіць майстар-класы і тэматычныя мерапрыемствы.

 
 

Сярод тавараў прадстаўленыя ўпрыгожванні, торбачкі, заплечнікі, посуд, вязанне, цацкі, кошыкі, шкатулкі і шмат іншага. Тавары пакуль больш разлічаныя на жанчын і дзяцей. Як кажуць гаспадары, рэчы спалучаюць практычнасць і эстэтычнасць:

 

- Калі набываеш танныя рэчы, невядома, хто і як іх робіць. А купляючы рамесныя вырабы, ты ведаеш чалавека, які іх робіць, і можаш нават пабачыць працэс стварэння. Таму можа казаць пра павышэнне культуры спажывецтва і рэчавай культуры. Шмат рэчаў – не вельмі добра, хоць яны і танныя. Зараз наадварот, усе стараюцца хату "пачысціць". А рэч ад майстра застаецца і не надакучвае з часам.

 

Этнакрама Лёля

 

Гаспадары крамы – Дар’я Фядотава-Вановіч і Віталь Вановіч. Віталь – праграміст, Дар’я – перакладчыца і мама двух дзетак. Яны паведамілі пра адкрыццё крамы толькі за два дні, бо баяліся вялікага натоўпу людзей. Але ў суботу ў памяшканні ўсё роўна было цесна: масава прыйшлі сябры, сваякі і аматары рамёстваў.

 

Этнакрама Лёля

 

Наведвальнікаў сустракаў ансамбль “Таўкачыкі” музычнай школы №3 імя Антонія Тызенгаўза. Гасцей частавалі яблыкамі, малінай, печывам і зефірам. З першых хвілін працы з’явіліся пакупнікі: яны купілі кошык і падсвечнік у выглядзе коціка. Пасля гасцям прапанавалі згуляць у латэрэю. Аўтарка “Твайго стылю” аказалася адной з трох шчасліўчыкаў і забрала дадому кубак з аптымістычным надпісам.

 

Этнакрама Лёля

Этнакрама Лёля

 

Дар’я прызнаецца, што ішла да адкрыцця этнакрамы пяць гадоў. Пачалося ўсё з таго, што яна сама палюбіла вырабы рамеснікаў. Муж Віталь падтрымаў ідэю адкрыць краму. Назва прыйшла адразу.

 

- Лёля – багіня вясны, прыгажосці. Яна стараецца, каб нешта прыгожае прыносіла чалавеку натхненне, - кажа Дар’я. Яна хоча, каб такое задавальненне чалавеку прыносілі вырабы майстроў.

 

Этнакрама Лёля

 

Крама “Лёля” падтрымлівае найперш мясцовых рамеснікаў, але будзе знаёміць з майстрамі з усёй Беларусі. Гаспадары не лічаць іншыя этнакрамы канкурэнтамі. Наадварот, Дар’я шкадуе, што такіх крам у Гродне мала.

 

- Я ведаю, што людзі любяць карыстацца тым, што зрабілі майстры. А дзе шукаць? У інтэрнэце выбраць нешта цяжка. Этнакрамы таксама стымулююць майстроў. Звычайна яны гандлююць на выяздзе, а старэйшым людзям гэта цяжкавата.

 

У будучыні ў этнакраме "Лёля" будуць ладзіць майстар-класы, у тым ліку для дзяцей, і тэматычныя сустрэчы.

 

Этнакрама Лёля

 

...

 

Перадрук матэрыялаў сайта “Твой стыль” дазваляецца толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі і пры захаванні аўтарства і наяўнасці актыўнай індэксаванай гіперспасылкі на арыгінал публікацыі. Падрабязнасці тут.




comments powered by HyperComments
 
 
 
 

 

 
Беларуская Асацыяцыя Журналістаў Адукацыя - стыль жыцця Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка камунікат.org
Гродненский Форум. Яндекс.Метрика