Рейтинг@Mail.ru
 

Горад

Горад прыязны да сталых людзей: якім ён павінен быць?

 
Ларыса Ганчар

Годнае стаўленне ў паліклініках, ільготны праезд, працаўладкаванне, стварэнне ўмоваў для навучання - гэта няпоўны пералік таго, што можна зрабіць, каб Гродна стаў больш прыязным для сталых людзей. Такога меркавання прытрымліваюцца студэнты гарадзенскага "Універсітэту Залатога Веку", якія зняліся ў роліку, прымеркаваным да Міжнароднага дня сталых людзей.

 
 

Якім павінен быць горад, прыязны да сталых людзей: меркаванні студэнтаў "Універсітэту Залатога Веку" from uzv on Vimeo.

 

Міжнародны дзень сталых людзей адзначаецца 1 кастрычніка.

 

У Беларусі з гэтай нагоды традыцыйна ладзяцца рознага кшталту канцэрты, сустрэчы ветэранаў і г.д. Аднак ці дастаткова гэтага, каб зрабіць жыццё сталага чалавека сапраўды годным?

 

Кіраўніца праграмы "Універсітэт Залатога Веку" (дзейнічае ў Гродне з 2010 г.) Лана Руднік (на здымку) прытрымліваецца такога меркавання:

 

Лана Руднік

- "Быць пачутымі, адчуваць сябе патрэбнымі, мець магчымасць развівацца — гэта куды больш важныя рэчы, чым быць запрошанымі ў якасці назіральнікаў на канцэрты, тэатральныя выступы раз на год на Дзень Сталых людзей.

 

Мы стараемся рабіць усё, каб у нашым горадзе, у нашай краіне нарэшце пачалі распрацоўвацца стратэгіі і мясцовыя планы па спрыянню актыўнаму даўгалеццю, каб сталых людзей успрымалі не як спажыўцоў медыцынскіх і сацыяльных паслуг, але як каштоўны рэсурс для грамадства, каб дзяржава нарэшце зразумела важнасць аб’яднання намаганняў усіх, хто працуе ў кірунку паляпшэння якасці жыцця сталых людзей.

 

Толькі разам, без падзелу на сваіх і чужых, мы можам зрабіць нашыя гарады і вёскі сапраўды прыязнымі да людзей у любым узросце, дапамагаць сталым людзям адаптавацца да жыцця ў сучасным свеце, вучыцца, максімальна доўгі час падтрымліваць свой фізічны стан, адчуваць павагу з боку грамадства".

 

На Гарадзеншчыне, як і ў цэлым па Беларусі, амаль кожны чацьвёрты жыхар ужо дасягнуў пенсійнага ўзросту. З кожным годам колькасць такіх людзей будзе павялічвацца. Без рэфармавання сістэмы сацыяльнай і медыцынскай дапамогі, без падтрымкі ініцыятываў па навучанні, сацыялізацыі і перакваліфікацыі сталых людзей забяспечыць годны ўзровень жыцця гэтых людзей будзе немагчыма.

 

Таму ўжо зараз важна заняцца стварэннем нацыянальнага і мясцовага планаў дзеянняў па спрыянні актыўнаму даўгалеццю. На гэта, у прыватнасці, звярталі ўвагу ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі, якая адбылася вясной у Гродне.

 

Распрацаваная ўдзельнікамі рэзалюцыя з канкрэтнымі прапановамі па зместу такіх планаў дзеянняў была накіраваная ў розныя структуры ўлады. Свае водгукі на прапановы даслалі прадстаўнікі некалькіх парламенцкіх камісій, міністэрстваў, аблвыканкамаў.

Тэмы: грамадства, студэнты, меркаванні



comments powered by HyperComments
 
 
 
 

 

 
Беларуская Асацыяцыя Журналістаў Адукацыя - стыль жыцця Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка камунікат.org
Гродненский Форум. Яндекс.Метрика