Рейтинг@Mail.ru
 

Горад

Зялёнае шкло і рэльефны малюнак: у Гродне вырабілі 700 тысяч юбілейных бутэлек для Лідскага піва

 
Юбилейная бутылка для лидского пива, Гродно, стеклозавод

З нагоды 140-гадовага юбілея “Лідскае піва” аднавіла не толькі даўні рэцэпт напою, але і замовіла для яго разліву адмысловую бутэльку. Яе вырабілі па ўзору знакамітай сёння ў калекцыянераў бутэлькі Нозеля Пупко – заснавальніка лідскага бровара. Пра сучасныя тэхналогіі выпуску шклатары і асаблівасці працы з гістарычнай рэплікай “Твайму стылю” расказалі на Гродзенскім шклозаводзе.

 
 

Унікальныя формы і адзіная тэхналогія

 

“Кожная бутэлька (апроч стандартнай гарэлачнай і “шампанкі”) - унікальная, - расказвае Анастасія Мокрая, мэнэджар прадпрыемства па камунікацыях, - яе дызайн распрацоўвае вытворца напою і толькі ён можа такую бутэльку выкарыстоўваць. Але з пункту гледжання вытворчасці шклатары розніцы практычна няма, усе бутэлькі выпускаюцца на адным абсталяванні”.

 

Выгляд і аб’ем бутэлькі залежыць толькі ад ліцейнай формы, у каторую патрапляе гарачая шкламаса. Гэта і ёсць унікальны складнік вытворчасці, што дазваляе ствараць шматлікія дызайнерскія формы бутэлькі.

 

 

Спосаб іх вытворчасці называецца падвойным выдувам – кропля шкламасы паслядоўна патрапляе спачатку ў чарнавую форму, што складаецца з дзвюх сіметрычных паловаў, і сілаю сціснутага паветра прыціскаецца да яе звонку і знутры. Пасля настае чарга чыставой формы, дзе на сценках фармуецца рэльефны малюнак - там, дзе ў форме былі паглыбленні, на бутэльцы атрымліваецца выпукласць.

 

 

 

 

Замест этыкеткі - рэльефны малюнак


Менавіта наяўнасць рэльефных выяваў - аленя, шышак хмелю і надпісаў, стала адметнасцю і бутэлькі для юбілейнага лідскага піва. Бо даўней для пазначэння напояў выкарыстоўвалі не каляровыя папяровыя этыкеткі, а акурат такія адзнакі на сценках і донцах шклянога посуду.

 

 

З фармовачнай машыны бутэлькі ідуць на ахалоджанне і на шматступенны кантроль якасці. Кожную з іх правяраюць вонкава і з дапамогай вымяральнага інструменту. Асаблівая ўвага надаецца кантролю “венчыка” – так на мове прафесіналаў называюць “горлышка” бутэлькі. Форма венчыка вызначаецца спосабам закаркоўвання.

 

 

 

Рэцэпт гарадзенскага шкла


Уся адбракаваная прадукцыя ідзе ў шклабой і паўторна выкарыстоўваецца пры варцы шкла. Другасная сыравіна складае значную частку ў рэцэптуры шкла, бо сучасныя вытворцы напояў не выкарыстоўваюць бутэлькі паўторна - апрацоўка тары перад разлівам каштуе прыкладна столькі ж, што і выпуск новай.

 

 

Апроч другаснай сыравіны, складнікамі шкла з’яўлюцца пясок, шчэбень, сода і вапна. На Гродзенскі завод пясок прывозяць з Гомельскага горна-ўзбагачальнага камбіната. Менавіта там ён мае адпаведны памер пясчынак – 0,3-0,5 міліметра. З пяску, што ўтрымлівае буйнейшыя фракцыі, якаснае шкло зварыць не атрымаецца.

 

Каб паасобныя складнікі сталі шклом, патрэбна тэмпература каля 1500 градусаў. А колер будучай прадукцыі прыдаюць дадаткам хромістых фарбавальнікаў.

 

 

Зялены і празрысты - фірмовыя гарадзенскія колеры

 

Тое, што для выпуску юбілейных бутэлек лідскія півавары звярнуліся менавіта на гарадзенскі завод – не выпадковасць. Гэта прадпрыемства – адзінае ў краіне выпускае шклатару зялёнага і празрыстага колераў. Ды і печ для варкі мае самую сучасную, энэргаэфектыўную. Яе запусцілі ў сакавіку гэтага года.

 

 

Для разліву юбілейнага піва замовілі лімітаваную партыю бутэлек – толькі 700 000. Яе вытворчасць, разам з наладкай печы, заняла прыкладна тыдзень. Зараз машыну, дзе адлівалі гістарычныя бутэлькі, рыхтуюць для выпуску звычайных паўлітровак. Летам гэта вельмі запатрабаваны тавар.

 

 

Што да фірмовых бутэлек з юбілейным півам, то іх ужо можна знайсці ў крамах. Яны паступілі ў продаж ад 7 мая.

 

Фота і відэа аўтаркі

 

Перадрук матэрыялаў сайта “Твой стыль” дазваляецца толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі і пры захаванні аўтарства і наяўнасці актыўнай індэксаванай гіперспасылкі на арыгінал публікацыі. Падрабязнасці тут.

Тэмы: фота, відэа, прамысловасць, ежа



comments powered by HyperComments
 
 
 
 

 

 
Беларуская Асацыяцыя Журналістаў Адукацыя - стыль жыцця Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка камунікат.org
Гродненский Форум. Яндекс.Метрика