Рейтинг@Mail.ru
 

Горад

“ЧаВо” з Вішняўцом? “Лішнія соткі” наўрад ці застануцца гаспадарам, тыя гатовы ісці ў суд

 
Вішнявец, грамадскія слуханні па праекту ўшчыльнення забудовы

Праект ушчыльнення былой вёскі Вішнявец пасля грамадскіх слуханняў разгледзелі на камісіі  гарвыканкама 25 студзеня. На ім вырашылі да 15 лютага дапрацаваць праект з улікам заўваг і скіраваць яго на Рэспубліканскую дзяржаўную экспертызу.

Многія пытанні, што падымаліся жыхарамі ў час абмеркавання і ў зваротах – практычна аднолькавыя, таму камісія аднесла іх да часта задаваных (на мове інтэрнэту –”ЧаВо” або FAQ). Аднак, адказы на іх не задавальняюць вішнявецкіх гаспадароў.

 
 

Сустрэча жыхароў вуліц Вішнявец і Стралковай з прадстаўнікамі гарвыканкама ў межах грамадскіх слуханняў па праектупланавання ўшчыльнення забудовы раёна

 

У адным з такіх часта задаваных пытанняў жыхары цікавяцца, якія падставы спынення іх права на прыватную ўласнасць ці на пажыццёвае карыстанне і перадачу ў спадчыну ўчасткаў, раней законна атрыманых. Яны аргументуюць сваю нязгоду артыкулам 74 Кодэкса аб зямлі, у якім гарантавана, што змены меж адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак не павінна прыводзіць да змены ці прыпынення правоў на зямельныя ўчасткі, на каторыя раней былі выдадзены дакументы. 

 

У адказе пазначана, што праект ушчыльнення не з’яўляецца дакументам, на падставе якога змяняюцца межы тэрытарыяльных адзінак, таму ўлады лічаць неабгрунтаваным у гэтым выпадку прымяняць вышэйзгаданы артыкул.

 

У прыватным сектары ў Гродне знайшлі “лішнія” соткі. Іх адбяруць ва ўладальнікаў і прададуць з аўкцыёну

 

Генадзь Таламанаў, галоўны архітэктар Гродна, адказвае на пытанні ўласнікаў участкаў на Вішняўцы

 

Аднак, калі ставіцца пытанне, што пры далучэнні вёскі да горада (што ёсць зменай меж тых самых адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак) жыхарам абяцалі захаваць іх участкі, то ў адказе чыноўнікі спасылаюцца на тое, што ў пратаколе схода такая інфармацыя не зафіксавана.

 

У сваіх зваротах жыхары Вішняўца выказваюць нязгоду з памерамі наноў запраектаваных ўчасткаў і прапануюць пакінуць іх такімі як былі: па 25 ці 15 сотак.

 

У адказе на  гэта пытанне камісія тлумачыць, што “згодна з часткай першай артыкула 36 Кодэкса аб зямлі, памер зямельнага ўчастка, што прадастаўляецца ў прыватную ўласнасць ці пажыццёвае ўладанне з правам перадачы ў спадчыну … устанаўліваецца ў гарадах ад 0,05 да 0,15 га ўключна”. Далей ідзе ўдакладненне – той самы артыкул указвае, што “Канкрэтны памер зямельнага ўчастка … устанаўліваюцца Дзяржаўным органам, што прадастаўляе ўчастак … волевыяўленнем асобы, каторай ён прадастаўлены … а таксама з улікам горадабудаўнічых рэгламентаў, прыродаахоўных патрабаванняў, супрацьпажарных, будаўнічых і іншых норм і правіл”.

 

Пад час сустрэчы ў межах грамадскага абмеркавання жыхары раёна знаёмяцца з праектам ушчыльнення забудовы

  

“Магчымасць дыялогу, закладзеная такім чынам у кодэкс аб зямлі, рэалізуецца праз грамадскія слуханні”, – патлумачылі ва ўпраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама. Таму і ў склад камісіі, што разглядае праект пасля слуханняў, уключаны прадстаўнікі жыхароў вуліц Вішнявец і Стралковай.

 

“У генеральным плане горада тэрыторыі, што зараз абмяркоўваюцца, былі пазначаны як тыя, дзе захаваецца сядзібная забудова, - тлумачыць Вольга Барэйка, начальнік аддзела рэалізацыі генеральнга плана ўпраўлення архітэктуры, - аднак тое, якім чынам яна будзе захоўвацца, раней не абмяркоўвалася”. Праект дэтальнага планавання, з яе словаў, распрацоўваецца і праходзіць усе неабходныя стадыі і працэдуры ўзгаднення менавіта зараз.

 

Ініцыятыўная група ў складзе Л.В Шкураценка, В.І Ялашэўскага і А.А. Ярашэвіч, што ад імя жыхароў брала ўдзел у паседжанні выканкама, выказала нязгоду з новым праектам. Іх асобае меркаванне і намер абскарджваць рашэнне гарвыканкама ў судовым парадку зафіксаваны ў пратаколе паседжання.

 

Пазнаёміцца з матэр'яламі праекта і вынікамі грамадскага абмеркавання можна тут.

 

Здымкі аўтаркі

 

Перадрук матэрыялаў сайта “Твой стыль” дазваляецца толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі і пры захаванні аўтарства і наяўнасці актыўнай індэксаванай гіперспасылкі на арыгінал публікацыі. Падрабязнасці тут.

Тэмы: грамадства, права, улады, архітэктура, будаўніцтва



comments powered by HyperComments
 
 
 
 

 

 
Беларуская Асацыяцыя Журналістаў Адукацыя - стыль жыцця Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка камунікат.org
Гродненский Форум. Яндекс.Метрика