Рейтинг@Mail.ru
 

Блог Ігара Кузьмініча

 
Ігар Кузьмініч блог

Гарады вачыма гарадзенца. Дрэздэн-Гародня: некаторыя паралелі (і чаму на вуліцах нашага горада лепш без губернатараў)

Акрамя моста і замкаў ёсць яшчэ некалькі рэчаў якія звязваюць Гародню і нашу беларускую гісторыю з Дрэздэнам. Першае, што прыходзіць на розум – гэта савецкае мінулае Дрэздэна. Сапраўды, у горадзе ёсць будынкі савецкага мінулага, якія адразу кідаюцца ў вочы. Шэрыя, нейкія няўтульныя і “безідэйныя” спаруды, якія ў Горадні можна ўбачыць у большай колькасці.

 

З гэтымі будынкамі ў Дрэздэне адбываецца цікавая рэч. Пасля злучэння ў адзіную Нямеччыну з многіх старых будынкаў людзей перасялілі ў будынкі больш бяспечныя і прыдатныя да жыцця. Як мне сказалі – востра стаяла пытанне пра знос савецкай забудовы. Але мастакі і іншыя творчыя асобы захапілі некалькі кварталаў і не хацелі аддаваць іх. Савецкія будынкі стварылі ўмовы для развіцця сучаснага мастацтва ў Дрэздэне.

 

Але таксама як у Горадні, у Дрэздэне гэтых гмахаў застаецца ўсё менш, дзякуючы рэканструкцыі і афарбоўцы яны змяняюцца, часам непазнавальна. Ну і канешне сучасныя будынкі. Гарадзенскія новыя пабудовы могуць быць нармальна параўнаныя з імі.

 

 

Захаваліся і асобныя працы савецкага перыяду. Але я бачыў толькі адну, хоць дапускаю, што ёсць яшчэ... У любым выпадку, савецкія творы ў Дрэздэне глядзяцца як нешта надзвычайнае, што выбіваецца з агульнай культурнай прасторы. У Дрэздэне – гэта турыстычная цікавостка, а ў Горадні надалей дэманстрацыя і ідэалагічнае панаванне камуністычна-савецкіх ідэяў.

 

 

З савецкага мінулага ёсць яшчэ адна рэч за якую дрэздэнцы змагаліся. Гэта малюнкі на светлафорах для пешаходаў... Ва ўсіх краінах на зялёным светлафоры абрысы чалавечка, які ідзе, а на чырвоным – стаіць, выглядаюць схематычна не персаніфікавана. У ГДР – заместа схемы чалавечка – то дзяўчынка з косамі ды бантамі, то спадар у капелюшы ды з парасонам. Светлафоры і малюнкі на іх – другая цікавостка савецкага часу.

 

 

У цэнтра старога места, паблізу ад строга мосту, стаіць помнік гаспадару Саксоніі, а адначасова і вялікаму князю літоўскаму і каралю польскаму Аўгусту ІІ.

 

Помнік даволі пыхлівы, на ўздыбленым кані сядзіць наш вялікі князь. Сам помнік вельмі падобны да помніка Пятру ў Піцеры, адно, што меншы ў памерах і падобна, што піцерскі рабіўся з дрэздэнскага. Толькі не магу зразумець, чаму дрэздэнскі пакрыты золатам, а піцерскі – не :) Правільней было б наадварот...

 

Але калі параўноўваць дрэздэнскі помнік Аўгусту ІІ з гарадзенскімі, то ўвогуле атрымаецца смешна. Галоўны помнік Горадні – гэта Ленін на плошчы яго ж імя, але ён не на кані – гэта раз. А з вялікіх князёў – у нас ёсць помнік толькі Вітаўту Вялікаму выдзяўблены з палена, гэта два... Параўнанні можна множыць, але, згадзіцеся, параўнанне не на нашу карысць.

 

 

 

Акрамя помніка ёсць яшчэ адна згадка пра нас у самым цэнтры Дрэздэна, у самай старажытнай яго частцы. Гэта мазаіка, якая паказвае гісторыю Дрэздэна ў асобах вялікіх кіраўнікоў. Ёсць там і наша Пагоня і Аўгуст на кані ў суправаджэнні некага.

 

Цікавая атракцыя магла б быць і ў нас, напрыклад, на муры, што знаходзіцца насупраць Нёмана ў гары Новага замку. Было б дарэчы мець зафіксаваных знакамітых людзей, ці хаця б кіраўнікоў зямлі гарадзенскай.

 

 

А мо занадта мала месца на тым муры ля Нёмана? Мо лепш зрабіць гэта дзе ў цэнтры? З іншага боку, можа і добра, што ў нас да падобнай мазаікі ці панно не дадумаліся, а то быў бы Аўгуст там адзначаны пад нямецкім чорным арлом, а за ім чарадой ішлі б вялікія ўпраўленцы Гродненскай губерніі з двугаловымі арламі. Карацей, паўтарылі б галерэю губернатараў з аблвыканкаму. Далібог, на вуліцах Горадні лепш без іх!

 

 

Гарады вачыма гарадзенца. Дрэздэн і Гародня: стары, новы замкі і мост

 

Гарады вачыма гарадзенца. Дрэздэн: першая сустрэча, або як можа зачараваць горад-фантом


Гарады вачыма гарадзенца. Традыцыі і адпачынак у Душанбэ

 

Гарады вачыма гарадзенца. Людзі і транспарт у Душанбэ

 

Гарады вачыма гарадзенца. Места Душанбэ і чым яно падобна і непадобна да Горадні

 

Перадрук матэрыялаў сайта “Твой стыль” дазваляецца толькі пры захаванні аўтарства і наяўнасці актыўнай індэксаванай гіперспасылкі на арыгінал публікацыі. Падрабязнасці тут.

Тэмы: падарожжы, Блогі, Кузьмініч

comments powered by HyperComments
 
 
 
 

 

 
Беларуская Асацыяцыя Журналістаў Адукацыя - стыль жыцця Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка камунікат.org
Гродненский Форум. Яндекс.Метрика