Рейтинг@Mail.ru
 

Біблейскія гісторыі ў марках. Блог Лявона Карповіча

 
почтовые марки религия

Біблейскія гісторыі ў марках. Ахвяраванне Дзіцятка Ісуса ў святыню

Гэты эпізод – выкананне зямнымі бацькамі Ісуса патрабаванняў яўрэйскага права. Гэта адна з мноства падзей біблейскай гісторыі, што натхнялі мастакоў на выдатныя творы, якія пошты розных краін свету потым пераносілі на свае маркі.

 

Калі мінула восем дзён пасля нараджэння Божага Дзіцяці, святар учыніў на Ім абрад абразання. І дадзена было Яму імя Ісус. Гэтае імя, падказанае анёлам яшчэ да Яго нараджэння, азначае: “Бог выбаўляе”. Абразанне было знакам саюзу заключанаму Богам з Абрамам васямнаццаць вякоў перад нараджэннем Ісуса. Абрам разам з новым імем Абраам атрымаў ад Бога абяцанне незлічонага патомства. Ад гэтага часу абразанне сталася вонкавым выразам удзелу ў Божым абранні ўсіх патомкаў Абраама.

 

почтовые марки религия

Гэтую падзею намаляваў Альбрэхт Дзюрэр, а пошта Парагваю змясціла на паштовай марцы, выпушчанай у 1982 годзе.

 

Дзюрэр змяшчае сцэну абразання ў храме ў месцы Святым. Заслону, якая аддзяляе Святая Святых, адхіляе Іосіф, бо Хрыстос нарадзіўся і адкрывае людзям прыступку да Айца. Па левай старане сіметрычна постаці Марыі знаходзіцца незнаёмы назіральнік са свечкаю ў руцэ. Так аўтар пазначае пункт, з якога павінна назірацца сцэна. Гледзячы на малюнак, глядач несвядома атаясамлівае сябе з гэтым назіральнікам і становіцца ўдзельнікам святой падзеі.

 

почтовые марки религия

почтовые марки религия

        

 

Абрад абразання адлюстравалі на сваіх марках пошты Іспаніі (1969 год, фрагмент карціны Алонсо Кано (Alonso Cano de Almansa)), Ліберыі (1983 г., фрагмент карціны Рафаэля), Выспы Кука (1970 г., выява ілюстрацыі з Псалтыру XIV стагоддзя).

 

почтовые марки религия

 

Згодна закону Госпада кожны першынец прысвячаецца Богу. Таму, калі Ісусу споўнілася шэсць тыдняў, Яго прынеслі ў раскошны Ерусалімскі храм, каб скласці адпаведную ахвяру як за першынца ды за ачышчэнне Маці , як сказана ў законе Гасподнім, двух галубоў альбо двух галубіных птушанят (Паводле Лукаша 2:22-39).

 

На блоку Аргенціны з чатырох марак, выдадзеным у 1990 годзе, бачым гэтых галубіных птушанят у руках Іосіфа.

 

почтовые марки религия

 

Такім чынам, ужо ў самым пачатку зямнога жыцця Збаўцы Бог сведчыць, што Ісус прыйшоў у свет не парушыць закон, а выканаць яго.

 

Кожная назва ў Евангеллі не з’яўляецца выпадковай і адлюстроўвае розныя аспекты свята. Так, “Ачышчэнне” азначае выкананне закону Майсеевага, бо закон прадпісвае жанчыне, што нарадзіла хлопчыка, сорак дзён ачышчацца ад “крыві”, а потым адразу прынесці ахвяру за сваё ачышчэнне.

 

Тут важна разумець, што жанчына ачышчаецца не ад нараджэння, а менавіта ад крыві, якая суправаджае гэтую падзею, бо само па сабе нараджэнне дзіцяці ёсць заўсёды чыстым і блаславёным. Кроў і пакуты, якія яго суправаджаюць, з’яўляюцца знакам праклёну, які Бог наклаў на Еву за непаслушэнства, і яно патрабуе, паводле закону, рытуалу ачышчэння.

 

Але Багародзіца была пазбаўленая гэтага праклёну паводле Божага Провіду. Нараджэнне Хрыста было падобным да таго, як Ён пасля Уваскрасення прыйшоў да вучняў праз зачыненыя дзверы, так і тут не парушыў дзявоцтва Сваёй Маці.

 

Але Яна прыйшла ў Храм, каб выканаць Закон, хаця не мела ў гэтым патрэбы. Яна прынесла ў Святыню Таго, хто выбавіў Яе ад граху і праклёну – Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста.

 

почтовые марки религия

 

У 1982 годзе пошта краіны Антыгуа і Барбуда надрукавала на марцы рэпрадукцыю карціны Рафаэля “Ахвяраванне ў храм”.

 

“Ахвяраванне” – таксама выкананне Закону Майсея. Паводле яго мужчыны з калена Левія прызначаліся на службу ў Храме, а сваіх першынцаў ізраільцяне павінны былі выкупляць.

 

Тое самае зрабіў і Іосіф: ён прыйшоў у Храм, каб выкупіць Сына, але адначасова “пасвяціць яго Госпаду” – значыць аддаць Богу назаўсёды і поўнасцю. Выкананне Закону было знакам дасканалай паслухмянасці Богу. Як няпослух старога Адама прывёў да праклёну, так паслухмянасць новага Адама – Хрыста – сталася збаўленнем для людзей.

 

І, ў рэшце, гэтае свята ёсць – “Сустрэча”.  Збавіцеля не распазнаюць святары, высокапастаўленыя служкі храма… Дзіцятка Ісуса сустракае Ганна-прарочыца. Канешне, яна чакала Збавіцеля, ведала, Хто такі Месія, таму пазнала Яго ў выглядзе Дзіцятка на руках Марыі. Але не толькі пазнала, а як сапраўдная прарочыца распавяла пра Яго ўсім, хто чакаў збаўлення ў Ерусаліме.

 

І ў гэтым ёсць прыклад для нас. Каб нам, калі мы пабачылі Бога ці ў асабістай сустрэчы, ці ў Святым Пісанні, ці ў Еўхарыстыі, ці ў Таямніцах Царквы, не стацца падобнымі да свечкі, якую схавалі пад пасудзінай, але наадварот – асвятляць пакой – засведчыць і прапаведаць Бога свету і тым, хто “чакае збаўлення”.

 

Самая ж светлая, напоўненая надзеяй сустрэча з Госпадам – у Сямёна. Старэнькі святар, які помніць яшчэ часы Юды Макавея, прыняў на свае рукі Бога. У час сваёй маладосці, чытаючы Святое Пісанне, ён патрапіў у непаразуменне ад словаў прарока Ісаі, які кажа: “... вось, Дзева ва ўлонні зачне і народзіць Сына.” Традыцыя расказвае, што ён падумаў, што гэта памылка: “Дзева зачне і народзіць”. Сямён узяўся было сцізорыкам сцерці “Дзева”, каб выправіць на “жанчына”, але яго спыніў анёл Божы, які і пацвердзіў праўдзівасць напісанага, і прадказаў яму, што ён не памрэ, пакуль не пабачыць Месію.

 

почтовые марки религия

 

Марка Манголіі з 1972 года з відарысам карціны мастака Джавані Бяліні “Ісус у храме” (Карцінная галерэя Кверыні-Стампалія, Венецыя) паказвае момант пазнавання Ісуса старцам Сямёнам.

 

І вось надышоў шчаслівы дзень. Сямён убачыў Хрыста. І што ён кажа да Бога? “Цяпер адпускаеш, Уладар, слугу Свайго ў супакоі...”, бо ён пабачыў збаўленне свету, Святло для прасвятлення ўсіх народаў. Смерць з гэтага моманту не так пужае, бо за змрокам – святло і супакой.

 

почтовые марки религия

 

На паштовай марцы Парагваю з 1970 года ёсць постаці старца Сімеона і прарочыцы Анны. Гэта рэпрадукцыя карціны Ганса Мемлінга.

 

Дзеля гэтага нездарма сымбалем гэтага свята ёсць запаленыя свечкі. Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові. Яна была першай, якая паверыла, і таму Бог бязмежна ўзвысіў Яе. Але, прынёсшы Дзіцятка Ісуса ў святыню, з вуснаў Сямёна Марыя пачула пагрозлівае прароцтва пра тое, што “меч пройдзе праз Яе душу” (Паводле Лукаша 2:34). Прарок прадказаў Марыі вялікую таямніцу Яе жыцця — удзел у адкупляльнай справе Яе Боскага Сына. Гэтае прароцтва спраўдзілася тады, калі Марыя стаяла пад крыжам Хрыста, і ў сваёй душы падзяляла Ягонае цярпенне за збаўленне свету.

 

почтовые марки религия

 

Марка пошты Емена (1969 год) з серыі прысвечанай візіту Папы адлюстроўвае ўзнёсласць падзеі  Ахвяравання ў храм (відарыс карціны Гіацынта Дыяна (Giacinto Diana (1730-1803)).

 

Асвячоныя ў гэты дзень свечкі называюць “Грамнічнымі”, бо іх запальваюць у час навальніцаў, якія суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі, каб апека Маці Божай выратавала ад небяспекі стыхіі. Запаленую грамнічную свечку таксама даюць у рукі паміраючаму, каб Найсвяцейшая Дзева Марыя прывяла яго душу ў неба.

 

 

Біблейскія гісторыі ў марках. Пакланенне мудрацоў


Біблейскія гісторыі ў марках. Пастухі – першыя наведвальнікі Ісуса


Біблейскія гісторыі ў марках. Нарадзіўся вам сёння Збаўца


Біблейскія гісторыі ў марках. Сустрэча Марыі і Елісаветы


Біблейскія гісторыі ў марках. Дабравесце


Біблейскія гісторыі ў марках. Шлюб Найсвяцейшай Панны Марыі

 

Біблейскія гісторыі ў марках. Нараджэнне Маці Божай


Біблія і філатэлія. Пра што гэты блог

 

Перадрук матэрыялаў сайта “Твой стыль” дазваляецца толькі пры захаванні аўтарства і наяўнасці актыўнай індэксаванай гіперспасылкі на арыгінал публікацыі. Падрабязнасці тут.

Тэмы: рэлігія, Блогі, Карповіч

comments powered by HyperComments
 
 
 
 

 

 
Беларуская Асацыяцыя Журналістаў Адукацыя - стыль жыцця Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка камунікат.org
Гродненский Форум. Яндекс.Метрика