Рейтинг@Mail.ru
 

Гарады вачыма гарадзенца. Блог Ігара Кузьмініча

 
Ігар Кузьмініч блог

Гарады вачыма гарадзенца. Дрэздэн: першая сустрэча, або як можа зачараваць горад-фантом

У Дрэздэн я прыехаў каля пяці гадзін ранку і адразу пайшоў паглядзець горад. Я доўга ішоў вуліцамі, якія нічога асаблівага не казалі мне пра гэты горад. Будынкі не адрозніваліся ні арыгінальнасцю, ні асаблівай эстэтыкай.

 

 

...

 

Звычайныя вуліцы з будынкамі. Каля 30 хвілін бадзяння і я раптам выйшаў на бераг ракі. Я дастаў камеру каб засняць тое, што я ўбачыў у промнях ранішняга сонца, недзе поруч зайграла чароўная, нават, нейкая казачная мелодыя. Я павярнуўся, каб паглядзець адкуль даносілася мелодыя, і раптам у танюсенькай дымцы пабачыў абрысы чароўнага горада. У той момант я быў перакананы, што менавіта так павінны выглядаць гарады, дзе жывуць чароўныя княжычы і каралеўны са старых нямецкіх казках.

 

 

Так я першы раз пабачыў Дрэздэн. Я не памятаю, як я першы раз пабачыў Горадню, бо нарадзіўся тут. Але я добра памятаю горад з баранавіцкага ўзгорка наранку. Акурат за дзялкай маёй бабці пачыналася калгаснае поле, а там, недзе далёка, на ўвесь далягляд быў раскіданы па ўзгорках наш горад. І наранку і ўвечары горад выглядаў вельмі ладна, але гэта горад які быў зусім не падобны да Дрэздэна. Гэта быў сучасны горад, складзены з мноства каробак шматпавярховікаў над якім, недзе там, далёка, на самым даляглядзе, як паркан узвышаліся коміны Азота, што пакідалі на небе доўгія і нерухомыя шнуры рукатворных “хмараў”.

 

Калі я глядзеў на пяць казачных шпіляў старадаўняга Дрэздэна, я адчуваў нешта няўлоўна блізкае толькі ў дымцы. Усё іншае, і горад, і шпілі і рака былі новымі, але ад гэтага яны не былі менш прыемнымі мне.

 

Dresden Дрезден Дрэздэн

 

Праз некалькі дзён, менавіта на гэтае месца мяне і яшчэ некалькіх удзельнікаў канферэнцыі прывёў малады дрэздэнец каб правесці нам экскурсію. Першае, што ён зрабіў – паказаў у бок казачных шпіляў і дрыготкім голасам сказаў:

 

- Усё што Вы бачыце перад сабой – гэта абсалютнае гаўно!

 

Вось гэта пачатак! Падумаў я тады, што ж ён нам яшчэ раскажа пра казачны горад? А далей ён пачаў расказваць гісторыю знішчэння Дрэздэна амерыканскімі і англійскімі бамбардзіроўшчыкамі. З яго словаў, Дрэздэн знішчалі мэтава, без усялякай прычыны вайсковага характару. У гэты час ў Дрэздэне не было вайсковых прадпрыемстваў, больш-менш значных вайсковых фармаванняў ці абарончых раёнаў. Затое было вельмі шмат бежанцаў. З-за гэтага не магчыма сказаць дакладна колькі народу загінула, але гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч нават па самых асцярожных падліках. На яго думку, гэта была помста і пакаранне немцаў за бамбардзіроўкі Лондана і брытанскіх гарадоў у першай палове вайны.

 

Бамбілі мэтанакіравана і па асаблівай методыцы. Бомбы скідалі па шырокім коле, каб загарэлася менавіта цэнтральная частка Дрэздэна. У выніку таго, што акурат у гэты час пачаўся вецер, тое, што не было зруйнавана бомбамі, дарэшты згарэла. Тэмпература была такой высокай, што плавілася цэгла, а трупы проста выпарваліся.

 

 

У выніку Дрэздэн – адзін з найбольш ладных нямецкіх гарадоў – быў знішчаны дашчэнту.

 

Горадня таксама пацярпела падчас наступу немцаў у самым пачатку вайны, а таксама падчас наступу савецкай арміі. Але, у адрозненні ад Дрэздэна, гістарычны цэнтр не быў аж так спляжаны, хоць разбурэнні былі ў цэнтры Горадні. Да змены гістарычнага цэнтру добра прыклаліся яшчэ і пасля вайны...

 

А вось гістарычны цэнтар Дрэздэна, разам з асноўнымі бажніцамі, магістратам, старым і новым замкамі, немцы адбудавалі. На самой справе, адбудавалі толькі невялікі лапік гістарычнага цянтру. Яго немагчыма параўнаць нават са Старым местам у Варшаве, дзе прыклаліся ў непараўнальна большай ступені. Але месцазнаходжанне таго, што аднавілі, дазваляе як мінімум з боку ракі цешыць вока пекнатой.

 

Так выглядае адноўленая частка Дрэздэна.

 

 

Беларусы ж не сталі аднаўляць нават тое, што было магчыма аднавіць. Відавочна, гістарычны цэнтар горада не разглядаўся савецкімі ўладамі як каштоўнасць, вартая ўвагі і выдаткаў. Лягчэй было заместа парушаных будынкаў закатаць асфальтам плошчу і пасадзіць парк. А там, дзе аднаўляліся будынкі, яны будаваліся ўжо без усялякай прывязкі да ранейшага выгляду цэнтру.

 

Няхай казачны Дрэздэн, які я пабачыў наранку, быў фантомам-сімулякрам, але ён зачараваў мяне! Я ніяк не магу пагадзіцца са словамі маладога немца, што адноўлены горад – абсалютнае гаўно. Я нічога не ведаю пра тое, як ён адбудоўваўся, пра тое, ці было навуковае суправаджэнне аднаўленчых прац, ці прытрымліваліся падчас аднаўлення тэхналогій часу збудавання, ці выкарыстоўвалі матэрыялы таго часу.

 

Для мяне, акрамя прыгажосці, вельмі важным стала воля немцаў да аднаўлення. Як па мне, то менавіта жаданне адрадзіць гістарычную частку зрабілі гэты новабуд-адбудову каштоўнасцю і помнікам нямецкай культуры. Няхай гэта не тое, што было раней. Але “стары горад” стварае атмасферу, а акрамя гэтага сведчыць пра сілу духу дрэздэнцаў і любоў да свайго места.

 

Пра гарадзенцаў пакуль цяжка гэта сказаць... У нас таксама можна з вялікай доляй верагоднасці выйсці ў цэнтар і доўга расказваць, паказваючы на месцы былых будынкаў, і апісваць, якія цудоўныя яны былі. Вось толькі асаблівай гарадзенскай атмасферы гэта не дадасць...

 

Гарады вачыма гарадзенца. Традыцыі і адпачынак у Душанбэ

 

Гарады вачыма гарадзенца. Людзі і транспарт у Душанбэ

 

Гарады вачыма гарадзенца. Места Душанбэ і чым яно падобна і непадобна да Горадні

 

Перадрук матэрыялаў сайта “Твой стыль” дазваляецца толькі пры захаванні аўтарства і наяўнасці актыўнай індэксаванай гіперспасылкі на арыгінал публікацыі. Падрабязнасці тут.

Тэмы: Блогі, Кузьмініч

comments powered by HyperComments
 
 
 
 

 

 
Беларуская Асацыяцыя Журналістаў Адукацыя - стыль жыцця Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка камунікат.org
Гродненский Форум. Яндекс.Метрика