Іна Соркіна: “Стаць беларусам сёння – гэта перманентная самаадукацыя” (+аўдыёзапіс лекцыі)

Піша Алена Грысюк
08 лютага 2014

Іна Соркіна, Крыга
Гарадзенскі гісторык Іна Соркіна 6 лютага правяла першыя ў гэтым годзе гарадзенскія “Сустрэчы на Крызе”. Лекцыя-размова была прысвечана беларускаму Адраджэнню і 130-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага палітыка Антона Луцкевіча, бацькі беларускага Адарджэння.

“Каб не Антон Луцкевіч, мы маглі б застацца ўсяго толькі этнаграфічным племенем на карце Яўхіма Карскага”, - заўважыла Іна Соркіна.

Іна Соркіна, Крыга

Распачалася гаворка з вызначэння самога працэсу беларускага Aдраджэння. За аснову было ўзята паняцце, сфармуляванае Уладзімірам Конанам. У ім беларускае нацыянальнае Aдраджэнне трактуецца, перш за ўсё, як заканамернасць у гістарычным развіцці беларускага народа. І выяўляецца гэта ў паскораным руху эканамічных, сацыяльна-палітычных і культурных працэсаў да больш высокіх форм грамадскага быцця і нацыянальнай свядомасці пасля працяглых перыядаў застою альбо заняпаду.

Іна Соркіна, Крыга

 

Гісторык Іна Соркіна агучыла і надала важнае значэнне этапам нацыяўтваральнага працэсу “малых” народаў паводле чэскага навукоўца Міраслава Гроха:

 

Этап А: культурна-навуковая зацікаўленасць;

Этап В: патрыятычная агітацыя;

Этап С: масавы нацыянальны рух;

Этап Д: народ здабывае ўласную дзяржаўнасць.

 

“Рэпрэсіі пасля завяршэння паўстання 1863-1864 гг. прыпынілі працэс Адраджэння…”

Выстава паўстанне 1863. Дуб паўстанцаў на Святым балоце

 

“…Але новая яго хваля пачынаецца з дзейнасці нашых студэнтаў, аб’яднаных у народніцкую групу “Гоман” у Пецярбургу. Гэты часопіс вельмі высока ацаніў Антон Луцкевіч.”, - працягвае Іна Соркіна.

Гоман, Беларусь

 

У якасці вызначэння сапраўднасці беларусаў і іх беларускасці гісторык згодна са словамі Баляслава Пачобкі (1884 – 1940 гг.): “Сапраўдны беларус той, хто гаворыць: Я беларус, люблю сваю Бацькаўшчыну і мову і колькі магу працую дзеля яе”.

 

Слухаць аўдыёзапіс лекцыі

 

У размове гісторык таксама распавяла пра даследаванне Андрэя Казакевіча і Андрэя Асадчага, у якім быў зроблены аналіз матэрыялаў з біяграфічнымі i бібліяграфічнымі звесткамі пачынальнікаў беларускага Адраджэння. Па выніках гэтага аналізу складзены спіс з 96 асобаў, якія так або інакш пакінулі свой след у літаратурнай гісторыі Беларусі і на старонках айчынных энцыклапедыяў.

 

Да іх у першую чаргу належаць Янка Лучына (Ян Неслухоўскі), Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі), Вацлаў Іваноўскі, Цётка (Алаіза Пашкевіч), Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая) ды іншыя. Гэта і ёсць тыя нацыянальныя актывісты, якія далучыліся да беларускай справы і якія ўвогуле пракладалі шлях да беларушчыны.

Іна Соркіна, Крыга

 

Асабліва Соркіна адзначыла ўнёсак жанчын у справу беларускага Адраджэння. Сам Луцкевіч, па словах Соркінай, падкрэсліваў, што дзяўчыны вельмі актыўна ўліваліся ў настаўніцкую працу, і лічылі яе, безумоўна, гераічнай. Беларускія жанчыны сталі ў адзін шэраг побач з мужчынамі ў беларускім нацыянальным руху.

 

Што датычыцца сферы прафесійнай дзейнасці актывістаў, то больш за 26 % з іх з’яўляліся выкладчыкамі і настаўнікамі.

 

Падчас размовы былі названыя чатыры галоўныя паветы, якія ўтвараюць асноўны геаграфічны цэнтр культурнага руху: Вілейскі, Мінскі, Слуцкі, Віленскі. На гэтай тэрыторыі нарадзілася вельмі шмат дзеячаў беларускага Адраджэнння.

 

Гісторык распавяла і пра такія асаблівасці ў дачыненні да прадстаўнікоў культурнага руху, як іх сацыяльнае паходжанне, генерацыя, узровень адукацыі, узрост актыўнага ўключэння ў рух, а таксама абставіны смерці яго актыўных удзельнікаў.

 

Даследчыца лічыць, што неабходна яшчэ больш паглыблена вывучаць пакаленне тых людзей, пра якіх яна распавяла. Патрэбны больш дасканалы разгляд розных аспектаў, якія датычацца таксама і ўмоў жыцця тых людзей, іх сямейнага становішча.

 

 “Вынікам працы гэтага пакалення, якому прысвечана сённяшняя сустрэча, стала абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзякуючы таму пакаленню мы зараз жывем у незалежнай дзяржаве”, - падкрэсліла Іна Соркіна.

 

На пытанне пра сённяшняе становішча, у якім знаходзіцца беларускае Адраджэнне, яна адказвае коратка, але ж упэўнена: “Мы шмат чаго маем і сёння. Нават гэтая сустрэча азначае тое, што мы ўжо маем незалежнасць”.

 

І ўсё ж такі, на вашую думку, што на сённяшні момант і ў сённяшніх умовах значыць “стаць беларусам”?

 

Стаць беларусам сёння не вучыць ні сям’я, ні школа, ні царква... Стаць беларусам сёння – гэта перманентная самаадукацыя. Быць беларусам сёння – гэта проста работа, як вызначыў Сяргей Дубавец у сваім эсэ, змешчаным у зборніку “Вясна народаў”.

 

Іна Соркіна завяршыла сваё выступленне словамі Антона Луцкевіча: “Раней ці пазней адбудуецца Беларусь наша так, як у нашых снах-летуценнях мы яе сабе выабражаем”.

 

Сваю гутарку гісторык дапоўніла мультымедыйнай прэзентацыяй. У ёй былі адлюстраваны асноўныя моманты, якія датычыліся тэрытарыяльных, дэмаграфічных і сацыяльных вымярэнняў беларускага Адраджэння канца ХІХ – пачатку ХХ ст.

 

Напрыканцы Соркіна расказала, што наступную сустрэчу ў Крызе яна прысвяціць сваёй уласнай даследчай тэме – беларускім мястэчкам.

Іна Соркіна, Крыга